Сёмы дзень

«Сёння прывядзі да Мяне душы, якія асабліва ўшаноўваюць і праслаўляюць Маю міласэрнасць, і акуні іх у міласэрнасці Маёй. Гэтыя душы найбольш бедавалі над Маёю Мукаю і найглыбей праніклі ў Мой дух.
Яны — жывы адбітак Майго літасцівага Сэрца. Гэтыя душы будуць ззяць асаблівым святлом у будучым жыцці. Ніводную з іх не кране агонь пякельны, кожную Я буду асабліва бараніць у хвіліну яе смерці».

Езу найміласэрнейшы, Сэрца Тваё — сама любоў, прымі да дому свайго Найлітасцівейшага Сэрца душы тых, хто асабліва ўшаноўвае і праслаўляе веліч міласэрнасці Тваёй. Душы гэтыя моцныя сілаю Самога Бога; сярод усіх пакутаў і цяжкасцяў яны ідуць наперад, спадзеючыся на міласэрнасць Тваю.
Паяднаныя з Табою, о Езу, душы гэтыя нясуць усё чалавецтва на плячах сваіх. Гэтыя душы не будуць асуджаныя сурова, а міласэрнасць Твая атуліць іх у хвіліну смерці.
Ойча спрадвечны, глянь міласэрна на душы, якія праслаўляюць і ўшаноўваюць найвялікшую ўласцівасць Тваю — невычэр-пную міласэрнасць Тваю, і якія прабываюць у Найлітасцівейшым Сэрцы Езуса. Душы гэтыя з'яўляюцца жывым Евангеллем, рукі іх поўныя ўчынкаў міласэрнасці, а сэрцы, перапоўненыя радасцю, спяваюць песню міласэрнасці Найвышэйшаму. Прашу Цябе, Божа, акажы ім міласэрнасць сваю паводле надзеі і даверу, што яны на Цябе ўскладалі. Няхай споўніцца на іх абяцанне Езуса, які сказаў, што душы, якія будуць ушаноўваць гэтую невычэрпную міласэрнасць Ягоную, Ён сам будзе бараніць у жыцці, а асабліва ў хвіліну смерці, як сваю хвалу. Амэн.
 

Вяночак да Божай Міласэрнасці